 |
Напачатку мая ў Лідзе адбыўся заключны этап рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”, якая штогод праходзіць па ініцыятыве Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. У ім прынялі ўдзел лепшыя працаўнікі жывёлагадоўчай галіны Гродзеншчыны, былі сярод іх і астраўчане.
Па добрай традыцыі падчас зімне-стойлавага перыяду старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула з Падзякамі і падарункамі наведвае комплексы і фермы, каб адзначыць работу лепшых жывёлаводаў, а таксама даведацца пра іх турботы і клопаты. Сёлета прафсаюзны лідар аргарыяў пабываў на 42 фермах і комплексах і ўручыў падарункі 46 працаўнікам.

Прыемна, што пераможцамі акцыі “Наш жывёлавод” на абласным этапе сталі пяцёра спецыялістаў і працаўнікоў раённай жывёлагадоўлі. У намінацыі “Лепшы заатэхнік” перамогу святкаваў Віктар Алёкса з КСУП “Гудагай”, а “Лепшым ветэрынарным урачом” стала Гражына Саўко з КСУП “Гервяты”. Лепшым аператарам па штучным асемяненні жывёл быў прызнаны Андрэй Калпак з КСУП “Гудагай”, лепшым аператарам машыннага даення – даярка МТК “Маркуны” КСУП “Міхалішкі” Леакадзія Боўша, а лепшым жывёлаводам – Тарэса Марцінкевіч з РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”.

Дыпломам рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу была адначана работа старшыні райкама Юрыя Адулы.
У свята працы лепшыя механізатары раёна, занятыя на вясенне-палявых работах, атрымалі Падзякі і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Першамай – свята вясны і працы – чырвоны дзень у календары, які ў нашай краіне лічыцца выхадным. Многія скарысталіся гэтай магчымасцю, паб пасадзіць на дачы агарод, іншыя, каб правесці дзень разам з сям’ёй і адпачыць ад штодзённых клопатаў. Праўда, пра аграрыяў гэтага не скажаш. Хоць азімы клін ужо засеяны на 74 %, механізатары па-ранейшаму працуюць у полі з ранку да позняга вечара, а таксама рыхтуюць тэхніку да корманарыхтоўкі. Улічваючы сёлетнюю сухую вясну, кожная гадзіна – на вагу золата.
Па традыцыі напярэдадні пасяўной кампаніі райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу аб’явіў конкурс сярод механізатараў на вясенне-палявых работах у наступных катэгорыях: сяўба, культывацыя, ворыва, унясенне арганікі, яе пагрузка і ўнясенне мінеральных угнаенняў. Па выніках дэкады – за перыяд з 1 па 10 красавіка – былі вызначаны пераможцы ў кожнай з намінацый. Прыемна, што ў лік лепшых механізатараў раёна трапілі працаўнікі ўсіх пяці гаспадарак.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула вырашыў распачаць узнагароджанне перадавікоў менавіта Першага мая.
– У Дзень працы многія адпачываюць, але не хлебаробы. Мне здаецца, вельмі сімвалічна менавіта ў гэты дзень адзначыць Падзякамі і падарункамі працу лепшых механізатараў Астравеччыны, – па дарозе ў РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”, адкуль было вырашана распачаць узнагароджванне пераможцаў конкурсу, расказаў Юрый Аляксандравіч.
Не першы год лепшым на ворыве становіцца араты РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Віталь Трыбоцкі. Дарэчы, некалькі гадоў таму яго партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару. Як і ўсе вясковыя працаўнікі, Віталь Іванавіч нешматслоўны і сціплы, ён прывык не да слоў, а да працы. Хоць пазней араты прызнаўся: яму вельмі прыемна, што працу вяскоўцаў бачаць і цэняць.
Адным з лепшых на культывацыі стаў яшчэ адзін механізатар саўгаса – Ягор Шостак.

– У гаспадарцы працую з 1987 года. Я родам з Літвы, жонка на сваю радзіму перацягнула, – расказвае пра сябе Ягор Францавіч. – Літву без шкадавання пакінулі – там нецікава. А тут душа радуецца: лясы, неабсяжныя палі! Разам з Ганнай нарадзілі і выгадавалі чацвярых дзетак, трымаем гаспадарку: карову, свіней, гусей, курэй… А што вясковаму чалавеку для шчасця больш трэба? – на развітанне па-філасофску гаворыць механізатар і хуценька заскоквае ў кабіну свайго трактара.
Адным з лепшых на ўнясенні арганікі не першы раз становіцца механізатар КСУП “Міхалішкі” Міхаіл Дашын.

– Некалькі дзён назад перавялі на ворыва, – расказвае мужчына. – Мне ўсе работы падабаюцца. Якая розніца – сееш ты ці культывуеш? Абы тэхніка не ламалася!
З КСУП “Гервяты” прызёрамі спаборніцтваў на вясенне-палявых работах сталі ажно чатыры механізатары: Рымантас Трапшыс і Анджэй Ясевіч – на сяўбе, Іосіф Масевіч – на культывацыі, Рамуальд Бразевіч – на ўнясенні арганікі.
Не за гарамі корманарыхтоўка. Штогод у КСУП “Гервяты” на касавіцы шчыруе Рымантас Трапшыс, якому два гады таму даверылі новую модульную ратацыйную касілку КМП-9 – пракосы з дзевяці метраў яна аб’ядноўвае ў адзін валок. У механічных майстэрнях у Гервятах механізатар рамантаваў сваю жалезную памочніцу.

Анджэй Ясевіч не аднойчы станавіўся пераможцам і прызёрам конкурсу сярод аратых і прафсаюзнага спаборніцтва на вясенне-палявых работах. Мужчына прызнаецца, што ніякага сакрэту поспеху няма: галоўнае – каб не падводзіла тэхніка, а працаваць без перапынкаў на святы і выхадныя вяскоўцы ўжо даўно прывыклі.

Ушанаванне пераможцаў прафсаюзнага спаборніцтва сярод занятых на вясенне-палявых работах механізатараў працягнецца на наступным тыдні.
Напрыканцы мінулага тыдня на Астравеччыне завяршылася сяўба ранніх збожжавых і зернебабовых культур. Аднак нават на невялікую перадышку ў земляробаў часу няма: сваёй чаргі чакае насенне цукровых буракоў, кукурузы, шматгадовых траў.
Разабраўшыся са збожжавымі, у КСУП «Міхалішкі» ўзяліся за цукровыя буракі: іх насенне прыгорнута ў глебу на 153 гектарах (51% ад плану). Але не сяўбой адзінай: на парадку дня хлебаробаў – падрыхтоўка глебы пад сяўбу кукурузы, апрацоўка азімых пасеваў, падкормка сенакосаў і пашы.
Сёлета на вясенне-палявых работах за гаспадаркамі замацаваны спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Загадчык сектара раслінаводства Віктар Чума прыглядае за КСУП «Міхалішкі». У галоўнага тэхнолага раённых палёў мы пацікавіліся ходам вясенне-палявых работ у гэтай гаспадарцы.
– Правільная арганізацыя працоўнага працэсу – а гэта тэхналогія падрыхтоўкі глебы, апрацоўка насення эфектыўнымі пратручвальнікамі, унясенне пад патрэбу мінеральных угнаенняў – у выніку вызначае тэмпы правядзення пасяўной кампаніі, – адзначыў Віктар Багданавіч. – У КСУП «Міхалішкі» змянілася кіраўніцтва. Маладому аграному, які тут менш за год, дапамагаю парадамі. Улічваючы тэхнічны парк гаспадаркі і іншыя нюансы, лічу, што міхалішкаўскія механізатары з сяўбой збожжавых справіліся добра – прынамсі, у аптымальныя тэрміны мы ўклаліся. Пачалі ўжо сеяць цукровыя буракі і кукурузу.
Яравы клін у КСУП «Міхалішкі» сёлета складае 2 626 гектараў, з якіх 1 469 гектараў адведзена пад збожжавыя культуры: авёс пасеяны на плошчы 157 гектараў, ячмень – на 712 гектарах, пшаніца – на 600 гектарах.
З галоўным аграномам КСУП «Міхалішкі» Арцёмам Валчэцкім мы сустрэліся каля рамонтных майстэрняў у Страчанцы. Пацікавілася ў маладога спецыяліста, ці паспеў ён вывучыць міхалішкаўскія і страчанскія палі.
– З большага, – прызнаецца Арцём. – Летась падчас сяўбы азімых спасцігаў майстэрства прафесіі агранома ў намесніка дырэктара па вытворчасці Андрэя Ствала, які палі ведаў як свае пяць пальцаў. Сёлета дапамагае загадчык сектара раслінаводства райсельгасхарчу Віктар Чума. Магчыма, каб я быў з мясцовых, хутчэй вывучыў бы землі. Я родам з Ляхавіч, там жа скончыў аграрны каледж. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. На Астравеччыну, у КСУП «Міхалішкі», трапіў па размеркаванні. Ці застануся тут пасля адпрацоўкі? – на хвіліну задумваецца. – Час пакажа…
У КСУП «Міхалішкі» асноўная ўдарная сіла – механізатары і трактарысты, якія не першы год працуюць на сяўбе. Пра сёлетнюю пасяўную кампанію ў прыватнасці і вясенне-палявыя работы ўвогуле ў іх і запыталася.
– Працоўны дзень пачынаецца ў 7 гадзін раніцы. Працуем да позняга вечара, – расказвае заняты на ўнясенні вадкіх мінеральных угнаенняў механізатар Андрэй Часнойць, чый партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару некалькі гадоў назад. – Кожны земляроб разумее важнасць сітуацыі – большасць з нас працуе на сумленне, а не абы дзень адбыць.

– Глеба рана саспела. Добра, што своечасова адсеяліся. Хоць на страчанскіх землях, дзе палі дробнаконтурныя, скрозь парэзаныя ўзлескамі, хлопцам на пасяўных агрэгатах складана было развярнуцца, – гаворыць вадзіцель Віктар Канчанін, які ў дзень нашага прыезду падвозіў мінеральныя ўгнаенні ў Туроўе. – У нядзелю дожджык паліў – збажына на вачах абышла, усё навокал зазелянела. Яшчэ дождж – ды такі, каб цэлы дзень ліў! – не зашкодзіў бы.
– Як і кожны год культывую глебу. Сёлета вясна ранняя, вільгаці не хапае, таму першачарговая задача – як мага хутчэй прыкрыць яе ў глебе, – лічыць механізатар Іван Янушэўскі. – З ранняй вясны да позняй восені без выхадных і святаў працуем у полі – спакон вякоў такая доля ў земляроба, і не нам на яе наракаць. Пасееў збожжа – і жыццё стала больш надзейным. Не мной прыдумана, што хлеб – усяму галава.
 
Яўген Сташко на “лейцы” падкормлівае сенажаць

Паляводы Аляксандр Кісель…

…і Уладзімір Раманчык загружаюць мінеральныя ўгнаенні ў бункер навяснога раскідвальніка

Вадзіцель Казімір Стаціна возіць угнаеннні з хімцэнтра

Сяўбу цукровых буракоў сёлета даверылі маладому, але адказнаму механізатару Яўгену Пішчаку

Студэнт Навагрудскага агратэхнічнага каледжа Антон Дзенюш сёлета праходзіць практыку ў роднай гаспадарцы: ён дапамагае загадчыку раслінаводчага ўчастка №1
У Маркунах не маркоцяцца
-
Мінула некальки гадоу, калі ў новы, пабудаваны, што называецца “з нуля” малочна-таварны комплекс “Маркуны” прыбыла першая партыя цялушак і гэтую “малочную фабрыку” ўзначаліла Святлана Іосіфаўна Кісель.
Давялося намучыцца працаўнікам і начальніку комплексу: пакуль статак прывучылі да даільнай залы, сфарміравалі групы… А зараз на комплексе ўсё адладжана і выверана на практыцы.
– Спачатку вельмі цяжка было. Заставаліся на комплексе да 2-3 гадзін ночы, – расказвае начальнік МТК “Маркуны” Святлана Іосіфаўна Кісель. – А зараз і рагулі змяніліся: былі маленькія – сталі вялікія.
Надоі – адна карова на МТК “Маркуны” за дзень дае ў сярэднім 14,3 кілаграмы малака, якое пастаўляецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы выключна вышэйшым гатункам, – у многім вызначаюць кармы.
На кармавыя сталы трапляе здробненая спецыяльным агрэгатам “Гаспадар” сумесь. Адна карова за суткі атрымлівае 25 кілаграмаў сіласу, 15 – сенажу, 1 – сена, а яшчэ шрот і іншыя дабаўкі.
Міхаіл Міхайлавіч Другаль – адзін з вопытнейшых ветэрынараў-гінеколагаў СВК “Міхалішкі”


Жывёлавод Лілія Іванаўна Шыш
– Кароў пачынаем карміць з 6 гадзін раніцы. Кормараздатчык “Гаспадар” на групу “выдае” каля 800 кілаграмаў сумесі, – расказвае Святлана Іосіфаўна. – А патаку, каб прывабіць жывёлу да кармавога стала, раздаём уручную.
Высокапрадукцыйныя каровы, якія даюць 20 і больш кілаграмаў малака ў суткі, дадаткова атрымліваюць канцэнтраты і кармавыя дабаўкі.
– Каровы падзелены на 10 груп – у залежнасці ад прадуктыўнасці. Адзін раз на тыдзень сартуюцца групы, аднак гэта можа працягвацца не адзін дзень, – расказвае заатэхнік-селекцыянер Святлана Іванаўна Сташко і пільна ўглядаецца ў статак. – Галоўнае – своечасова выявіць кароў у ахвоце. Гэтым займаюся і я, і жывёлаводы, і падгоншчыкі, і начальнік комплексу.
Аператар машыннага даення Валянціна Зянонаўна Шаліпава на раздоі
На МТК “Маркуны” дзейнічае непарушны закон: пятніца – а не серада ці субота! – дзень запуску кароў.
Раз у месяц на комплекс прыязджаюць спецыялісты Астравецкай племстанцыі, якія рэктальна абследуюць кароў з дапамогай мабільнага ўльтрагукавога сканера. Неаспрэчны плюс такой дыягностыкі ў тым, што яна дазваляе ўстанавіць сцельнасць каровы, а таксама “бачыць” гінекалагічныя праблемы і захворванні.
– Каровы целяцца кожны дзень, – расказвае Святлана Іосіфаўна, – Усё фіксуецца ў дакументах: цяляці прысвойваецца нумар, яно атрымлівае рэспондэр, а ў вушка ўводзіцца спецыяльная бірка. У адрозненне ад комплексаў з закрытым цыклам, мы гадуем цялушак, пакуль яны не набяруць вагу 370 кілаграмаў, а пасля пераводзім на ферму “Маркуны”. Пасля расцёлу карова тыдзень знаходзіцца на раздоі, а затым, калі не ўзнікае праблем, размяркоўваецца ў групу ў залежнасці ад надою.
Ганна Яўгенаўна Алёхна працуе на раздоі
Важным складнікам надояў з’яўляецца прафілактыка і своечасовае выяўленне мастытаў – за гэта на комплексе адказвае ветэрынарны фельчар Тарэса Яраславаўна Вайцяховіч.
– Два разы на месяц робім аналіз, які з дапамогай спецыяльнага раствору выяўляе субклінічны мас-тыт, – расказвае Тарэса Яраславаўна. – Хворых кароў аб’ядноўваем у асобную групу і лечым. На комплексе зараз 37 хворых на мастыт кароў – 25 з іх лечым, а астатнія знаходзяцца на “вытрымцы”. Трэба, каб рагуля была здаровая, а ў малако не трапілі антыбіётыкі.
На комплексе ёсць і свая міні-лабараторыя, дзе малако даследуецца на тлустасць, бялок, утрыманне саматычных клетак і антыбіётыкаў.
– Мінус вялікіх комплексаў у тым, што каровы не могуць выходзіць на прагулку, – адзначыла першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Віктараўна Умрыхіна. – Дзякуючы намаганням старшыні СВК “Міхалішкі” Аляксандру Іванавічу Чаплінскаму на МТК “Маркуны” зроб-лены выгул для статка. Плануецца, што каровы будуць выходзіць на прагулку і зімой – для прафілактыкі захворванняў капытоў і паляпшэння рэпрадукцыйнасці статка.
Профіль ветфельчара Тарэсы Яраславаўны Вайцяховіч – масціты
Загадчыца МТК “Маркуны” Святлана Іосіфаўна Кісель ведае комплекс як свае пяць пальцаў
Апошні прыпынак на малочнай “фабрыцы” – цялятнік. Па дарозе жывёлавод Лілія Іванаўна Шыш – яна, дарэчы, як і аператары машыннага даення МТК “Маркуны” Леакадзія Іванаўна Боўша, Данута Станіславаўна Бараноўская і Альбіна Мечыславаўна Ляшчэўская, у верасні атрымала ўзнагароду ад Астравецкага райкама прафсаюза работнікаў АПК – завочна знаёміць са сваімі гада-ванцамі:
– Зімой не толькі чалавек мерзне, але і жывёла. Відаць, прыродай закладзена, што яна становіцца больш касматай і апранаецца ў “шубу”.
У цялятніку нас цікаўна, хоць і пужліва, сустракаюць 427 цялят рознага ўзросту, з якіх 134 пояцца даведзеным з дапамогай спецыяльнага агрэгата да патрэбнай кандыцыі цёплым і пастэрызаваным малаком. Кожны пярэсты малыш мае індывідуальнае вядзерца.
Начальнік комплексу на развітанне адзначыла, што Лілія Іванаўна хоць і на пенсіі, але працуе за траіх – шчыра і сумленна…
Дадам, што гэтак жа плённа на МТК “Маркуны” працуюць усе – даяркі, заатэхнікі, ветурачы, ды і сама начальніца “малочнай фабрыкі“, якая за пяць гадоў існавання комплексу вывучыла яго і работу сваіх падначаленых як свае пяць пальцаў… А часу на маркоту ў “маркунцаў” дакладна няма.
Семінар-вучоба для работнікаў жывёлагадоўлі прайшоў на МТК “Маркуны”
Якія памылкі ў кармленні буйной рагатай жывёлы робяць жывёлаводы? Браць на ўзбраенне сучасныя тэхналогіі або працаваць «дзедаўскім» метадам? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся на семінары-вучобе, які напрыканцы мінулага тыдня сабраў начальнікаў малочна-таварных комплексаў, загадчыкаў ферм, заатэхнікаў, ветэрынарных урачоў на МТК «Маркуны» КСУП «Міхалішкі».

Падобныя жывёлагадоўчыя семінары праходзяць на Астравеччыне рэгулярна: летась, напрыклад, абмяркоўваліся ветэрынарнае абслугоўванне жывёлагадоўчых аб’ектаў і шляхі павелічэння надояў, а напачатку гэтага года – тэхналогія вырошчвання цялят. Нагодай для семінара сталі змяненні і дапаўненні рэспубліканскага рэгламенту па вытворчасці малака на комплексах. Каля 60 працэнтаў сабекошту малака складае кармленне. Спецыялісты Гродзенскага аграпрамысловага саюза літаральна за пяць хвілін пры дапамозе пенсільванскага сіта вызначылі якасць кормасумесі, якую даюць каровам на МТК «Маркуны».

– Кармавая сумесь пачынае працаваць тады, калі яна правільна парэзана кормараздатчыкам, – засыпаючы ў спецыяльнае сіта жменю корму, патлумачыў выконваючы дырэктар абласнога аграпрамысловага саюза Алег Анатольевіч Нарэйка. – Пенсільванскае сіта складаецца з 3-4 аддзелаў, якія маюць розныя па велічыні адтуліны. Верхні бокс адсякае часцінкі больш 1,9 см, сярэдні – затрымлівае часцінкі 0,8 см, а ў самы ніжні трапляюць часцінкі менш 0,8 см.
Аналіз маркунскай кормасумесі паказаў, што каля 30 працэнтаў кармоў застаецца на кармавых сталах. Па словах спецыялістаў, асноўная прычына гэтага – недастатковы час змешвання ці тупыя нажы ў кормараздатчыку.

Удзельнікі семінара наведалі тэхналагічныя цэхі, лабараторыю, дзе абмеркавалі сучасныя патрабаванні да якасці малака і прыстасаванні для яго лабараторнага аналізу, сянажныя траншэі.
Вытворчасць малака на ўсіх малочна-таварных комплексах кантралюецца з дапамогай камп’ютара, які ўтрымлівае звесткі на кожную жывёліну. Алег Анатольевіч параіў спецыялістам спампаваць і ўстанавіць гэтую базу на сучасны персанальны смартфон – гэта дазволіць быць больш мабільным і не прывязаным да камп’ютара. Выканаўчы дырэктар Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза прадэманстраваў прысутным работу гэтага мабільнага дадатка: дастаткова толькі ўвесці нумар жывёліны – і праз некалькі хвілін праграма выдасць на экран тэлефона ўсю гісторыю жыцця каровы, пачынаючы ад даты нараджэння і заканчваючы звесткамі аб надоях.

Першымі ў раёне першы ўкос завяршылі КСУП “Міхалішкі”
Напрыканцы мінулага тыдня каля Радзюшоў працаваў цэлы караван тэхнікі: касілкі, кормаўборачныя камбайны, граблі. Дзясятак машын, да верху напоўненых духмянай травой, снаваў з поля да фермы “Супраненты”, дзе ішла закладка сянажных траншэй… У КСУП “Міхалішкі” завяршаўся першы ўкос траў.

– На гэтым участку травы нядрэнныя, – паказваючы на валкі, расказвае намеснік дырэктара па вытворчасці Андрэй Іосіфавіч Ствол. – На іншых – хоць ты плач. Такога анамальна спякотнага надвор’я ў маі, пачатку чэрвеня не прыпомню: травы сухія на корані, сонца дзе-нідзе збажыну падпаліла.

намеснік дырэктара па вытворчасці Андрэй Ствол
Перажыванні Андрэя Іосіфавіча за ўраджай зразумелыя: першым укосам міхалішкаўцы планавалі насушыць сена і нарыхтаваць сенажу значна больш. Бездажджоўе ўнесла свае карэктывы ў корманарыхтоўку: планы выкананы толькі на трэць, хоць скошана больш запланаванага: касары “ўхапілі” лішніх 157 гектараў ля лугоў і пойменных зямель… Косяць усюды, дзе можна, – абы нарыхтаваць на зіму кармоў.
– Збожжавыя, як і травы, відаць, сёлета будуць неўраджайнымі, – працягвае Андрэй Ствол. – Суша стаяла, калі яравыя павінны былі нарошчваць масу, а азімыя – выкалошвацца. Такое паскоранае праходжанне фаз не спрыяе для паўнацэннага развіцця расліны.
Калі ў мінулыя гады ад касьбы да ўборкі масы з поля, бывала, праходзіла некалькі сутак, то сёлета травы падвяльваюцца на вачах: літаральна адразу пасля касілак ідуць граблі, якія зграбаюць травы з дзевяціметровага пракосу ў валок, а на іх месца заступаюць кормаўборачныя камбайны.
Ля Радзюшоў я налічыла 12 адзінак тэхнікі: тры касілкі, адна з якіх – дзевяціметровая, двое граблей, чатыры МАЗы – усяго на адвозцы зялёнай масы ў КСУП “Міхалішкі” задзейнічаны 10 машын – і два кормаўборачныя камбайны.
На “Ягуарах” працуюць вопытныя механізатары Сяргей Чымбар і Валянцін Куркуль.

Сяргей Чымбар на “Ягуары” падбірае і здрабняе падвяленую траву

Валянцін Куркуль не першы сезон штурваліць за рулём “Ягуара”
– Якія сёлета травы? – перапытвае Валянцін Іванавіч. – От, так сабе… Кроў з носу – патрэбен дождж. На агародзе, хоць і паліваеш, і то нічога расці не хоча. А тут, у полі…
“Ягуар” хутка напаўняе “зялёнкай” МАЗ, і той імчыць на ферму ў Супраненты. Дыспетчар раслінаводчага ўчастка Яніна Зімніцкая старанна фіксуе ў журнале ўсе лічбы. Вадзіцелі прыдумалі сваю сістэму апавяшчэння: адзін сігнал – “зялёнка” Чымбара, два – Куркуля.

Дыспетчар раслінаводчага ўчастка №2 Яніна Зімніцкая дакладна фіксуе перавезеныя з поля да сянажнай траншэі тоны
Ля ўезда да сянажнай траншэі зроблена саламяная падушка, каб колы машын, якія з поля возяць траву, ачышчаліся. Па словах жанчыны, пастаянна замяраецца тэмпература і вільготнасць зялёнай масы. Гэта, дарэчы, адзін з паказчыкаў сумленнасці работы “амкадоршчыкаў”. “Зафілоніш” – і тэмпература масы адразу павялічваецца, а гэта – на якасці сенажу.
Акрамя закладкі сянажных траншэй, падвяленую траву нарыхтоўваюць у стрэйч-плёнку. На прэс падборшчыку “Крона” працуе Іосіф Юшчык, які за дзень “апранае” каля 200 зялёных шпулек ў белыя кашулькі.

Іосіф Юшчык пакуе траву ў стрэйч-плёнку
…Каб атрымаць травы другога ўраджаю, пасля скошвання сенакос ці паша падкормліваюцца азотам.
– Калі няма ападкаў, азот хутка выпараецца. – тлумачыць Андрэй Іосіфавіч Ствол. – Ідэальна, канешне, калі падкармілі і пайшоў дождж. Атава на вачах адрастае.
Але пакуль што міхалішкаўцы, як і ўвесь раён, мараць пра дождж.

на граблях “Міленіум” працуе Сяргей Іваноў

Аляксандр Баркоўскі на “Амкадоры” трамбуе зялёную масу

Іван Стаціна, які возіць зялёную масу, за дзень робіць каля 10 рэйсаў

Часлаў Сальмановіч заняты на адвозцы “зялёнкі”

Віктар Валуевіч, адвозка зялёнай масы

Валерый Сташко, касец

Валерый Калтан ложыць травы ў пракосы

Іван Янушэўскі, які працуе ў гаспадарцы больш за 30 гадоў, косіць траву

Варушыць “зялёнку” Іосіф Мельдзюк
Першым укосам у КСУП “Міхалішкі” нарыхтавалі 260 тон сена (24 %), 4 565 тон сенажу (30%) і закруцілі ў стрэйч-плёнку 435 тон падвяленай травы (35%).
Акцыя “Наш жывёлавод” распачалася з “Міхалішак”
Штогод падчас зімне-стойлавага перыяду райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіць акцыю “Наш жывёлавод”, падчас якой лепшыя даяркі, даглядчыкі, цялятніцы атрымліваюць падарункі за старанную працу.
Сёлета ўшанаванне лепшых жывёлаводаў распачалося з КСУП “Міхалішкі”.
– Асноўная задача акцыі – не толькі адзначыць работу лепшых працаўнікоў жывёлагадоўлі, але і сустрэцца з калектывамі, паглядзець, у якіх умовах яны працуюць, ці забяспечаны спецадзеннем, – расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула. – У межах акцыі плануем наведаць большасць малочна-таварных комплексаў і ферм раёна.

Больш за 10 гадоў на ферме “Міхалішкі” працуе Уладзімір Бародка.
– Даглядаю 150 цялят, – расказвае мужчына. – Маленькіх два разы на дзень выпойваю цёплым пастэрызаваным малаком, большым раскладваю сена, сянаж. Цяляткі добра растуць і набіраюць вагу, калі накормленыя і ў клетках суха.

Жывёлавод МТФ “Супраненты” Фёдар Алексеявец – з прыезджых. Мужчына нарадзіўся і доўгі час жыў на Украіне. Ездзіў на заробкі ў Расію, Беларусь.
– Калі працаваў на Астравеччыне, пазнаёміўся з Валяй, распісаліся і сталі жыць. Цялушак даглядаем разам, – расказвае мужчына. – У залежнасці ад узросту яны разбіты на групы. Усяго на ферме ўтрымліваецца 187 цялушак.

На МТФ “Страча” была адзначана работа аднаго з самых “узроставых” – па стажы работніка – аператара даільнай устаноўкі Станіслава Сялевіча.
– У гаспадарцы працую з 1992 года, – расказвае мужчына. – Спачатку быў у працоўнай брыгадзе, а потым перайшоў на ферму. Малакаправод на ферме не новы, таму яго часта даводзіцца рамантаваць. Нічога – спраўляюся!
На ферме “Страча” ў наш прыезд было чыста, але холадна: бытавое памяшканне, дзе даяркі і іншыя работнікі фермы могуць адпачыць, не ацяпляецца. Юрый Аляксандравіч Адула паабяцаў вырашыць гэта пытанне.
Падзячныя лісты і падарункі атрымалі таксама Марына Чайкоўская з фермы “Ласі” і Леакадзія Боўша з комплекса “Маркуны”.
Количество просмотров:
|
 |