 |
Хлебаробы Астравеччыны выдатна справіліся з сяўбой ранніх збожжавых і зернебабовых культур – іх насенне прыкрыта на 5 485 гектарах.
Чым цяпер занятыя ў полі механізатары КСУП “Міхалішкі”, дзе яравы клін сёлета найменшы – 2 530 гектараў, даведаўся карэспандэнт у гаспадарцы.
Пад збожжавыя “міхалішкаўцы” адвялі звыш 950 гектараў, з якіх 200 –пад авёс, 620 – пад ячмень, 166 – пад пшаніцу. Напачатку мінулага тыдня пачалі прыгортваць у глебу насенне цукровых буракоў – яны зоймуць 250 гектараў (крыху больш за 15% адведзеных пад гэтую культуру ў раёне плошчаў). На 18 красавіка план па іх пасеве выкананы на трэць.
Пацікавілася ў галоўнага агранома КСУП “Міхалішкі” Алега Кавалевіча, ці змянілася сёлета структура пасяўных плошчаў.
– Змяненні ёсць, і яны абумоўлены аб’ектыўнымі прычынамі. Па-першае, амаль на 500 гектараў паменшыўся яравы клін збожжавых: летась засявалі звыш 1 400 гектараў, у гэтым годзе – толькі пад тысячу. Прытрымліваемся земляробчай тэндэнцыі і імкнёмся больш пільна са збожжавымі працаваць з восені: на зіму пасеялі 1 450 гектараў, – расказаў галоўны тэхнолаг міхалішкаўскіх і страчскіх палёў. – Пад цукровымі буракамі плошчы зменшыліся на 50 гектараў, затое арэал вырошчвання кукурузы пабольшаў амаль на 200 гектараў – і складае 978.
– Распрацоўка аптымальных пасяўных плошчаў залежыць ад патрэб жывёлагадоўлі, – да размовы далучыўся загадчык раслінаводчага ўчастка №1 Мар’ян Комар, які прысвяціў раённаму раслінаводству звыш 40 гадоў. – На зялёны корм пасеялі 100 гектараў свірэпіцы.
У дзень майго прыезду работа вялася па некалькіх франтах: непадалёк ад малочна-таварнага комплексу “Маркуны” паляводы збіралі камяні, 3 глебаапрацоўчыя агрэгаты культывавалі глебу, 1 комплекс сееў цукровыя буракі. Другі сезон на трактары ў счэпцы з пасяўным агрэгатам “Плантэр-3” гэтым займаецца Валерый Сташко. Агульны стаж працы мужчыны ў сельскай гаспадарцы набяжыць пад 20 гадоў.
– Дзень дню – розніца. У сярэднім за змену засяваю каля 22-23 гектараў што складае прыблізна 10% ад плана, – расказвае сейбіт. – Сёлетняя пасяўная не адрозніваецца ад іншых. Праўда, вільгаці ў глебе не хапае – пыліць.
Культывацыя, як, дарэчы, і сяўба даверана вопытным механізатарам. Пра Івана Юшчыка, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару, наша газета расказвала не раз.
Іван Янушэўскі пра перадпасяўную падрыхтоўку глебы ведае шмат – гэтым мужчына займаецца не першы сезон.
– Дзённая плошча апрацоўкі залежыць ад памераў поля, колькасці пераездаў. У Міхалішках дастаткова вялікія ўчасткі, а страчскія землі больш дробнаконтурныя, – патлумачыў механізатар. – У сярэднім да 25 гектараў глебы культывуем.
На полі ля вёскі Супраненты глебу пад сяўбу цукровікаў рыхтавалі два васьмілязовыя плугі.
– Вясенне-палявыя работы ўскладняе тое, што працяглы час няма ападкаў – вельмі патрэбен дождж. Хоць і з плугам па полі “хаджу” – а пыліць, – расказаў араты Віктар Валуевіч.
Што тычыцца кукурузы, то спецыялісты лічаць, што сеяць яе варта, калі глеба прагрэецца да 8-12 градусаў.
– Калі верыць прагнозам сіноптыкаў, то, думаю, праз тыдзень пачнём прыгортваць насенне каралевы палёў. Раніцай яшчэ прымаразкі “кусаюцца”, – патлумачыў Алег Кавалевіч. – Кукуруза лічыцца цеплалюбівай культурай – варта дачакацца даспявання глебы, а не кідаць зярняты ў халодную.
Пытаю ў галоўнага агранома, як ён ацэньвае сёлетнюю пасяўную кампанію.
– Усё як па масле, – адказаў Алег Кавалевіч. – У кароткія тэрміны завяршылі сяўбу збожжавых – у асноўным выкарыстоўвалі эліту. Насенне набывалі ў КСУП “Гудагай” і іншых элітгасах. Уласных тэхнічных магутнасцей – хоць аўтапарк у нас далёка не новы, – хапае. Радуе, што ўдосталь ёсць паліва. Значных праблем не павінна ўзнікнуць.
...Але не сяўбой адзінай. У КСУП “Міхалішкі” працягваецца падрыхтоўка глебы, падкормка азімых у другі раз, вываз на поле і ўнясенне арганікі. Словам, вясной, як і восенню, работ у вяскоўцаў хапае.
P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, на Астравеччыне прайшлі дажджы – відаць, у нябеснай канцылярыі пачулі просьбы хлебаробаў!

Галоўны аграном КСУП “Міхалішкі” Алег Кавалевіч
 Валерый Сташко, сейбіт

Віктар Валуевіч займаецца ворывам

За перадпасяўную падрыхтоўку глебы адказваюць Іван Янушэвіч…

…і Іван Юшчык

Адзін з самых вопытных брыгадзіраў раённага раслінаводства Мар’ян Комар

Сяргей Сташко з поля ў вызначанае месца адвозіць сабраныя камяні

Першыя крокі ў прафесію – хвалюючыя і адказныя. Шчасціць, калі ў гэты час побач знаходзяцца прафесіяналы, якія дамагаюць справай, парадай, словам. Другі год у КСУП «Міхалішкі» спасцігае прамудрасці прафесіі эканаміста Арына Яновіч.

Дзяўчына родам з Астравеччыны, яе дзяцінства прайшло ў Альхоўцы.
– Я адзінае дзіце ў сям’і. Бацькі, як і большасць жыхароў нашага пасёлка, працуюць на кардоннай фабрыцы, – расказвае дзяўчына. – Вучылася ў мясцовай сярэдняй школе, дзе ўсе прадметы выкладалі на роднай мове. Спачатку хацела стаць настаўнікам пачатковых класаў, потым – выкладаць беларускую мову і літаратуру.
Але пасля 10-га дзяўчына вырашыла паступаць у адну са сталічных навучальных устаноў.
– Спынілася на прафесіі бухгалтара – яна больш набліжаная да жыцця і прадугледжвае работу з лічбамі – а канкрэтыка мне заўсёды падабалася, – узгадвае дзяўчына. – У Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж на абраную мной спецыяльнасць бюджэтных месцаў у год майго паступлення не было, таму амаль тры гады вучылася платна.
Арына атрымала запаветны дыплом – і перад ёй паўстала пытанне: куды ўладкавацца на працу? Не сакрэт, што ўчарашніх студэнтаў, ды яшчэ і без вопыту, неахвотна бяруць на работу.
– Хоць Мінск за час вучобы палюбіла, хацелася вярнуцца на радзіму – быць бліжэй да бацькоў. Даведалася, што ў КСУП «Міхалішкі» ёсць вакансія эканаміста, звярнулася да кіраўніцтва – і мяне ўзялі, – успамінае Арына Яновіч. – Працаваць пачала ў красавіку мінулага года. Напачатку было страшна, шмат чаго не ведала, але дзякуй калегам, што не адмаўлялі ў дапамозе, падказвалі. За гэты год упэўнілася, што вопыт работы ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве дарагога каштуе: за кароткі тэрмін шмат чаму навучылася. Напрыклад, макет бізнес-плана на бягучы год давялося складаць мне – у КСУП «Міхалішкі» няма галоўнага эканаміста. Нездарма кажуць: у страха вялікія вочы – не сорамна чагосьці не ведаць, варта не баяцца пытаць, цікавіцца і такім чынам развівацца.
Эканаміст Арына Яновіч дзеліць рабочы кабінет з другім маладым спецыялістам Валерыяй Навіцкай, якая ў КСУП «Міхалішкі» вядзе кадры.
– Мы хутка знайшлі агульную мову, – працягвае дзяўчына. – Жыву з бацькамі ў Альхоўцы, штодзень на работу і назад дамоў адвозіць машына нашай гаспадаркі. Пакуль нічога ў жыцці мяняць не збіраюся, – з усмешкай на развітанне сказала малады эканаміст.
У любой справе, асабліва калі гэта тычыцца сельскагаспадарчай вытворчасці, канчатковы вынік «завязаны» на не адным дзясятку людзей… Ды і, па вялікім рахунку, поспех залежыць не толькі ад чалавечага фактару, але і ад іншых складнікаў. Хоць у лідарах раённай жывёлагадоўлі даўно і трывала замацаваліся гудагайскія і гервяцкія працаўнікі, у іншых гаспадарках людзі працуюць не горш і не менш плённа.
Упэўнілася ў гэтым, назіраючы за хуткімі зладжанымі рухамі аператараў машыннага даення малочна-таварнага комплексу «Маркуны» КСУП «Міхалішкі» Ганны Янушэўскай, Надзеі Пазлевіч і спрытнасцю лабаранта Марыны Трыбоцкай. Працавітыя, загартаваныя, непатрабавальныя, як і большасць вясковых працаўнікоў, жанчыны расказалі пра сябе, работу і мары.

«Ласі» прывялі на комплекс
Аператар машыннага даення Ганна Янушэўская прывыкла працаваць і не наракаць на лёс. Яна ведае: галоўнае захацець – і ісці да гэтай мэты праз усе «не магу» і «не хачу».
– Пасля пакупкі доміка ў Сароччы пайшла працаваць на малочна-таварную ферму «Ласі»: да гэтага была на гаспадарцы, потым усю жывёлу збыла і ўладкавалася ў калгас, – пачынае аповед Ганна Раманаўна. – Да працы звыклая з маленства. Нарадзілася ў Будранах. Мама была даяркай, а тата вартаўніком на ферме ў Трашчанах – ад яе ўжо і знаку не засталося.
Жанчына ўспамінае, што ў дзяцінстве часта не ставала часу на ўрокі – са старэйшымі прападалі на ферме. Ды і бацькам за працай і хатнімі клопатамі не было калі правяраць іх у шасці сыноў і дачок.
– Вучылася ў Спондаўскай сярэдняй школе. Марыла стаць прадаўцом – але, відаць, не лёс. У 1995 годзе выйшла замуж, нарадзіла дачушку, – коратка і сціпла раскрывае сваю біяграфію жанчына. – Сняжана ў мяне ўжо самастойная: працуе ў рымдзюнскім фельчарска-акушэрскім пункце. Прыязджае да мяне, калі выпадае вольная хвіліна.
Пяць гадоў Ганна Янушэўская адпрацавала на малочна-таварнай ферме ў Ласях. Пасля яе закрыцця ў 2019 годзе людзей перавялі на МТК «Маркуны».
– Тут мне больш падабаецца. Мы толькі доім: самае галоўнае – добра вымя апрацаваць да і пасля. На ферме і цялят даглядалі, і кармы падсувалі, і канцэнтраты каровам раздавалі, хоць лічыліся толькі даяркамі. Напэўна, нездарма ў свой час рашылі будаваць такія малочныя гіганты – за комплексамі будучыня. Галоўнае, каб кармы былі добрымі – тады і малако будзе, – разважае жанчына.
Даяркі ў Маркунах працуюць пазменна: іх прывозяць ці на ранішнюю, ці на вячэрнюю дойку.
– Сёння працуем у першую змену: на комплекс нас прывезлі каля 5 гадзін. Пасля 16.00 буду дома. Другая змена пачынаецца каля 17.00 і заканчваецца апоўначы, – расказвае даярка пра распарадак дня.
Ганну Янушэўскую засмучае, што вёска пакрысе дажывае свой век. У Сароччы жылымі засталіся толькі каля 10-ці хат.
– Як і ў кожнага чалавека, у мяне бывае дрэнны настрой, калі нічога не хочацца, – прызнаецца жанчын. – Тады наводжу парадкі, нават калі напярэдадні вымыла падлогу і выцерла пыл. Пачысцее дома – пасвятлее на душы. Хачу дачакацца ўнукаў, – пасля працяглага роздуму адказала на маё пытанне пра мары Ганна Янушэўская.
Мадонна з характарам
У жыцці варта разлічваць толькі на сябе, лічыць лабарант КСУП «Міхалішкі» Марына Трыбоцкая.
Вясковая мадонна з іскрынкамі ў вачах – першая асацыяцыя, якая ўзнікла пры знаёмстве з лабарантам комплексу.
– Родам я з Кісялёў. Вучылася ў Спондаўскай сярэдняй школе. У гаспадарцы працую з 2013 года. Светлая памяць былы старшыня «Міхалішак» Аляксандр Іванавіч Чаплінскі выдзеліў ад калгаса жыллё ў Страчанцы, куды я пераехала з дзвюма дачушкамі і бабуляй, – прыгадвае Марына Трыбоцкая. – Бабуля для мяне была ўсім: мяне выгадвала і Эвеліну з Карынай падгадаваць дапамагла. Мінула 4 гады, як яе не стала.
Марына Трыбоцкая адказвае за пярвічную праверку якасці малака ва ўсёй міхалішкаўскай гаспадарцы.
– Пробы адбіраю з малочна-таварных ферм «Страчанка», «Страча», «Супраненты», «Міхалішкі» і комплекса «Маркуны». У лабараторыі МТК правяраю іх на ўзровень тлушчу, утрыманне бялку, шчыльнасць і саматыку. Найлепшае па якасці малако – ў «Міхалішках» і «Страчы». Нават гатункам экстра здаюць, – расказвае пра сваю работу лабарант. – Прычын шмат. Галоўнае, канешне, – гэта строгае прытрымліванне тэхналогіі падчас даення. А яшчэ своечасовае выяўленне і лячэнне хворых кароў. Здаровая рагуля дасць добрае малако. Па дагаворы ў нас працуе ветурач з РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Юзэф Станіслававіч Міхновіч – лічу, што ў гэтым ёсць і яго заслуга.
Марына прызнаецца, што ў яе няпросты характар. Калі нешта не падабаецца, яна пра гэта адразу ж скажа чалавеку.
– Ніколі не змагу зразумець людской подласці і крывадушша: калі ў вочы адно, за спінай – іншае. Старэйшая дачка ў мяне характарам пайшла. А Карына больш спакойная, прытульная, – працягвае Марына. – Лічу, што і на вёсцы можна жыць. Я і касіць, і дровы шчапаць умею, і цвік забіць магу. Дочкі растуць разумнымі, праўда, уседлівасці ім крыху не памяшала б. Шчасце залежыць не ад таго, дзе ты жывеш, а як. Галоўнае – быць Чалавекам.

Хто не рызыкуе – той не п’е малака
Думка пра тое, што мы жывём, як нам зручна, – не новая. Адпрацаваўшы больш за 20 гадоў на адным месцы, упэўнена, далёка не кожны чалавек надумае змяніць сферу дзейнасці… А Надзея Пазлевіч з вёскі Заборцы змагла – і не шкадуе.
– Даяркай у Маркунах працую крыху больш за год. Да гэтага 22 гады на кардоннай фарбрыцы ў Альхоўцы была з’ёмшчыкам-каладроўшчыкам. Зарплата невялікая – давялося шукаць іншую работу: так трапіла на малочна-таварны комплекс, – расказвае Надзея Міхайлаўна пра сваю дарогу ў жывёлагадоўлю.
Жанчына родам з Ясеня. Сям’я была на 13 душ: бацька, маці, бабуля і 10 дзяцей.
– Жылі ў звычайнай вясковай хаце. У пакоях стаялі палаці – нешта накшталт сучасных двух’ярусных ложкаў. Былі дружнымі. Бацькі працавалі ў Падольцах на ферме: мама даяркай была, тата – пастухом. У кожнага з дзяцей быў свой абавязак: я, напрыклад, замест маці хадзіла на ферму, а яны з бабуляй ежу гатавалі, – успамінае Надзея Пазлевіч. – Восем кароў трымалі, а кабанчыкаў – не злічыць! Сям’я вялікая… З дзяцінства засвоіла, як «Ойча наш», бацькоўскі наказ: не хочаш галадаць – трэба працаваць.
Вучыцца пасля школы не выпадала...
– Бабуля прыгожа вязала пруткамі і кручком, умела на машынцы шыць. Зімовымі вечарамі, калі спраў было менш, займаліся рукадзеллем: з непрытоеным захапленнем назірала, як яна з нітак рабіла прыгожыя рэчы, – працягвае Надзея Пазлевіч. – Я хацела стаць швачкай – не атрымалася. Выйшла замуж, нарадзіла трох дзяцей, працавала на фабрыцы.
Душой Надзея Пазлевіч адпачывае ў лесе, ды і за сезон на грыбах і ягадах можна добра падзарабіць, калі не ленавацца. А яшчэ жанчына знайшла аддушыну ў кветках: любіць павазіцца з вазонамі ў вольную хвіліну.
– Як і любую жанчыну, шчаслівай мяне робяць дзеці, другая палавіна. Нават, каб была магчымасць нешта змяніць, пакінула б усё, як і ёсць. Галоўнае – здароўе блізкіх і любімых людзей, – напрыканцы нашай гутаркі адзначыла Надзея Пазлевіч.
Чарговы дзень інфармавання група першага намесніка старшыні райвыканкама Івана Карнілы правяла ў КСУП “Міхалішкі”.
Пытанні траўматызму і аховы працы ў арганізацыях і на прадпрыемствах, у тым ліку сельскай гаспадаркі, закрануў Іван Мар’янавіч. І адзначыў, што віна наймальніка ў траўміраванні работніка ў бягучым годзе пацверджана толькі ў 29% выпадкаў ад усёй колькасці траўм.
Сацыяльна-эканамічныя паказчыкі развіцця Гродзенскай вобласці таксама былі цікавымі для працаўнікоў арганізацыі. Да прыкладу, на развіццё рэгіёна ўплываюць прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, гандаль, продаж аўто і шмат іншых. Нягледзячы на санкцыі, упэўнены першы намеснік старшыні райвыканкама, напрамак дзяржаўнай палітыкі быў правільны, пацвярджэнне таму рост валавай прадукцыі і бесперабойная выплата заработнай платы.

Актуальныя ў асенне-зімні сезон пытанні пажарнай бяспекі ўзняў намеснік начальніка РАНС Васіль Бордак, які да таго ж засяродзіў увагу на тым, што не за гарамі маразы, а з імі на вадаёмах з’явяцца аматары падлёднай рыбалкі. Васіль Мікалаевіч напомніў пра тое, як паводзіць і калі выхад на лёд забаронены.
Пра медыякультуру, электронныя і папяровыя сродкі масавай інфармацыі, актуальныя тэмы публікацый, выбар чытачоў газет і падпісчыкаў груп у сацыяльных сетках гаварылі з намеснікам галоўнага рэдактара раённай газеты Вольгай Хацяновіч.
Не абыйшлі і эпідэміялагічную сітуацыю. Іван Карніла выказаў надзею, што ўсе, хто пакуль не рашыўся на вакцынацыю ад каронавіруса, зразумеюць, што толькі яна дапаможа засцерагчыся ад хваробы і не трапіць у рэанімацыю.
ЛІЧБЫ
– 176 чалавек траўміравана ў Гродзенскай вобласці за 9 месяцаў, з іх 4 – загінула, 55 атрымалі цяжкія траўмы.
– 34 пажары адбыліся на Астравеччыне ў бягучым годзе, 4 чалавекі загінулі.

Па выніках працоўнага спаборнітцва, якое штогод праводзіць райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, на вясенне-палявых работах у Першамай адзначылі лепшых механізатараў. Аднак у раёне працягвалася сяўба цукровых буракоў і кукурузы – таму ў гэтых катэгорых вынікі падводзіць было рана.
Адразу два сейбіты КСУП «Міхалішкі» – Сяргей Чымбар і Яўген Пішчака – на фінішы ўварваліся ў каманду лепшых механізатараў раёна.

Сяргей Чымбар

Яўген Пішчака
– Працоўнае спаборніцтва праводзілі ў некалькіх намінацыях: «Культывацыя», «Сяўба збожжавых», «Пагрузка арганікі» і іншых, – па дарозе на механічныя майстэрні ў Страчы расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула. – Прыемна, што ў апошніх двух намінацыях – «Сяўба кукурузы» і «Сяўба цукровых буракоў» – лепшыя вынікі паказалі міхалішкаўскія механізатары.
Найбольш у раёне – 2,7 працанормы – на сяўбе кукурузы выканаў Сяргей Чымбар. Цяпер мужчына на кормаўборачным комплексе «Ягуар» здрабняе і падымае падвяленую траву.
Лідарам на сяўбе цукровых буракоў на пасяўным агрэгаце «Плантар-3» стаў Яўген Пішчака. Ён прыгарнуў насенне на плошчы 300 гектараў.
Пераможцы атрымалі Падзякі і падарункі.
Аснова асноў жывёлагадоўлі – корманарыхтоўка. Ад яе тэмпаў і спрыту механізатараў залежыць колькасць і якасць нарыхтаваных кармоў, значыць, і вытворчасць малака ў зімне-стойлавы перыяд.
Першымі ў раёне завяршаюць першы ўкос траў у КСУП «Міхалішкі». Пра нюансы корманарыхтоўкі ў гэтай гаспадарцы даведаўся наш карэспандэнт.
Ударная сіла корманарыхтоўчай тэхнікі КСУП «Міхалішкі» ў дзень майго прыезду працавала на полі ля вёскі Завідзіненты: 3 комплексы, 2 грабляў, некалькі адзінак для адвозкі травы… Прыемна паглядзець! І нездарма кажуць, што не толькі на ваду і агонь, але і на працуючага чалавека можна глядзець бясконца. Праўда, механізатарам не пазайздросціш: пасля абеду слупок тэрмометра «завіс» каля адзнакі +30 градусаў.

– Не бяда! Наадварот добра, што днём прыпякае, а ноччу ліе. Хоць травастой добры, не тое, што ў мінулым годзе, калі і колас не наліўся, і травы не выраслі, – гаворыць камбайнер Сяргей Чымбар. – Некалькі гадоў запар выдаліся неўраджайнымі. Можа, сёлета надвор’е зменіць гнеў на міласць? – задаецца пытаннем механізатар, узгадваючы, што Астравеччына знаходзіцца ў зоне так званага рызыкоўнага земляробства, і заскоквае ў кабіну «Ягуара».

Сяргей Чымбар працуе на «Ягуары» пяты сезон
Да слова, на кормаўборачных комплексах у КСУП «Міхалішкі» працуюць вопытныя механізатары. На КВК-800 травы падбірае і здрабняе Валерый Дзенюш, на другім «Ягуары» гэта робіць Валянцін Куркуль, які апошнія некалькі сезонаў падчас жніва малоціць збожжа на камбайне-«пенсіянеры» «Мега».

Камбайнер Валерый Дзенюш
– Да корманарыхтоўкі тэхніку рыхтавалі самі, – гаворыць Валянцін Іванавіч. – Думаю, да канца тыдня ўправімся з першым укосам.

Адзін з самых вопытных камбайнераў Валянцін Куркуль
– Але на гэтым не збіраемся спыняцца. Плануем яшчэ скасіць траву на лугах і пашы, якія потым будзем перазалужаць, – да размовы далучаецца галоўны аграном КСУП «Міхалішкі» Алег Кавалевіч. – Пад ураджай гэтага года добра папрацавалі летась – абнавілі шмат сенакосаў.

Галоўны аграном Алег Кавалевіч
Па словах галоўнага тэхнолага міхалішкаўскіх палёў, першым укосам у гаспадарцы плануюць нарыхтаваць каля 7-8 тысяч тон сенажу – гэта каля 60% ад запланаванага, 450 тон сена і 1,5 тысячы тон травы, закручанай у стрэйч-плёнку.

Марк Лобач зграбае пракосы ў валкі
З сенакосу да сянажна-сіласных траншэй траву возяць 8 адзінак тэхнікі, з якіх 2 – з сельгастэхнікі. Не першы год на адвозцы «зялёнкі» заняты Віктар Валуевіч.
– На трактары МТЗ-3022 у сярэднім за дзень раблю каля дзесяці рэйсаў, – расказвае вадзіцель. – За раз перавожу каля 8-9 тон травы. Масу возім да траншэі на малочна-таварную ферму «Супраненты».

Вадзіцель Віктар Валуевіч

Вадзіцель Міхаіл Дашын летась быў адным з пераможцаў спаборніцтва на вясенне-палявых работах

Вадзіцель Уладзіслаў Осцік за дзень робіць да 10 рэйсаў
Трамбоўкай зялёнай масы ў дзень майго прыезду займаліся Леанід Бараноўскі і Сяргей Сташко. Да слова, ад сумленнасці механізатараў залежыць якасць будучага сенажу.

Леанід Бараноўскі «Амкадорам» трамбуе «зялёнку»
– Працуем з 8.00 да 20.00, – гаворыць Сяргей Сташко. – Паніжаем тэмпературу зялёнай масы – яе, як і вільготнасць, некалькі разоў на дзень вымяраюць работнікі фермы.

Першы сезон трамбуе траву Сяргей Сташко

Траву возіць з поля да траншэі Павел Таль
Эканаміст Юлія Ракоўская, якая працуе ў КСУП «Міхалішкі» трэці год, змяніла офіснае памяшканне на працу на свежым паветры: дзяўчына запісвае колькасць зробленых вадзіцелямі рэйсаў у ведамасць. Праўда, побач з іх прозвішчамі прастаўляецца сярэдняя колькасць перавезенай за адзін раз травы – побач з фермай «Супраненты» няма вагаў: кантрольнае ўзважванне нагружаныя «зялёнкай» машыны рабілі адзін раз на малочна-таварным комплексе «Маркуны».

Эканаміст Юлія Ракоўская вядзе ўлік тон і рэйсаў
Цікаўлюся ў галоўнага агранома Алега Кавалевіча, ці атрымаецца ў іх нарыхтаваць пад патрэбу кармоў.
– Па ўсім бачна, што гэты год ураджайны, як для траў, так і для збожжа. Калі надвор’е не падвядзе, думаю, пад 40 цэнтнераў возьмем з гектара, – аптымістычна на развітанне гаворыць аграном.
…Што ж, памагай бог! Праз месяц-паўтара завітаю ў гаспадарку на жніво, каб паглядзець, ці спраўдзіліся прагнозы тэхнолага міхалішкаўскіх палёў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Напрыканцы мінулага тыдня на Астравеччыне завяршылася сяўба ранніх культур: збожжавыя пасеяны на плошчы 7 715 гектараў. Хлебаробы ўжо прыгортваюць у глебу насенне цукровых буракоў і кукурузы.
На мінулым тыдні наш карэспандэнт пабываў у КСУП «Міхалішкі», дзе аграрыі завяршалі сяўбу збожжавых, і даведаўся, з якім настроем працуюць механізатары.

Для Алега Кавалевіча сёлетняя яравая сяўба ў якасці галоўнага агранома першая. Да гэтага малады чалавек два гады працаваў у гаспадарцы загадчыкам раслінаводчага ўчастка №2 – набіраўся вопыту і вывучаў міхалішкаўскія і страчанскія землі.
– Канешне, хвалююся, – прызнаецца галоўны тэхнолаг палёў. – Што цяпер пасеем, тое будзем і жаць. Галоўнае, каб надвор’е не падвяло: да пасяўной кампаніі падрыхтаваліся добра. Тэхніку новую не набывалі, але ўсе трактары і прычапныя агрэгаты адрамантавалі.

У дзень майго прыезду ў КСУП «Міхалішкі» працавала два пасяўныя глебаапрацоўчыя агрэгаты, дзве СПУшкі, чатыры культыватары, два плугі і адна «РАСА».
Колькасна і якасна структура яравога кліну ў гаспадарцы амаль не змянілася: хлебаробы КСУП «Міхалішкі» плануюць пасеяць крыху больш за 2 600 гектараў, з якіх 1 440 адведзена пад раннія збожжавыя і зернебабовыя культуры. Насенне аўсу прыгорнута на 153 гектарах, ячменю – на 660, пшаніцы – на 530.
– Сёлета пасеялі 100 гектараў зернебабовых – гароху і аўсу, – працягвае галоўны аграном. – Пад яравую пшаніцу адвялі на 200 гектараў менш, чым у мінулым годзе, бо яна, у адрозненні ад азімай, родзіць слабей і дае на круг на пяць-дзесяць цэнтнераў менш.

Вадзіцель Сяргей Гнутаў за дзень падвозіць на поле ад 5 да 20 тон збожжа
За вёскай Завідзіненты на магутных пасяўных агрэгатах збожжа сеялі браты Валерый і Сяргей Сташко. Пацікавілася ў механізатараў, як ім працуецца.
– З пераменным поспехам. Шмат залежыць ад таго, дзе сеем, – гаворыць Валерый Сташко. – На міхалішкаўскіх палях каля 30 гектараў за дзень засяваю, а на страчанскіх, бывае, толькі 5. Палі там маленькія, дробнаконтурныя – не развярнуцца: СПУшкі лепш спраўляюцца, чым мы.

Па словах Валерыя, саперніцтва паміж ім і братам няма.
– Наадварот, разам шпарчэй працаваць, – падтрымлівае брата Сяргей. – Вясна сёлета сухая, але ёсць на палях участкі, дзе нават наша тэхніка гразне.

Штогод прафсаюз райкама работнікаў аграпрамысловага комплексу падчас вясенне-палявых работ ладзіць працоўнае спаборніцтва сярод механізатараў. Летась лепшым у раёне на ўнясенні арганікі прызнаны Міхаіл Дашын, які цяпер культывуе глебу.
– Наша задача – своечасова падрыхтаваць зямлю і пасеяць збожжа, падкарміць пасевы і апрацаваць іх ад шкоднікаў і пустазелля. А там ужо як бог дасць! – па-філасофску зазначае механізатар.


Карбамідна-аміячную сумесь на поле падвозіць Іосіф Мяльдзюк
На працягу апошніх гадоў у КСУП «Міхалішкі» не вырошчваюць бульбы – як і ў КСУП «Варняны» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Затое эканамічна выгадныя культуры – цукровыя буракі і рапс – тут па-ранейшаму ў прыярытэце.
– З восені пасеялі 400 гектараў крыжакветкавага. З дня на дзень пачнём сеяць цукровыя буракі – яны зоймуць 300 гектараў. Насенне цукровікаў у лік будучага ўраджаю бралі на Слуцкім цукровым заводзе, – расказвае Алег Кавалевіч.
Аграрыі дбаюць і пра кармы: на 800 гектарах будзе пасеяна кукуруза. Насенне аднагадовых траў заняло 54 гектары (110% ад запланаванага).
Аднак не сяўбой адзінай… Каб атрымаць добры ўраджай, трэба своечасова і ў поўным аб’ёме падкарміць рапс і азімыя збожжавыя.
На самаходным распрысквальніку вадкіх угнаенняў «РАСА» гэтым не першы год займаецца адзін з самых вопытных механізатараў Андрэй Чайснойць – да слова, некалькі гадоў назад партрэт мужчыны быў занесены на раённую Дошку гонару.
– Падкармліваю азімы трыцікале. У лепшыя дні апрацоўваю да ста гектараў. Ці ўраджайным будзе год? – перапытвае мужчына. – Трэба спадзявацца на лепшае! Моцна дождж патрэбны: у глебе не хапае вільгаці – збожжа не хоча прарастаць. Па вялікім рахунку, сяўба – аснова будучага ўраджаю. Нездарма дзяды казалі: што пасееш, тое і пажнеш.

ЛІЧБА
1 497 гектараў (57%) засеяна ў КСУП «Міхалішкі» па стане на 12 красавіка.
У межах рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» васьмёра лепшых працаўнікоў КСУП «Міхалішкі» атрымалі падзякі і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Нагадаем: прафсаюз ужо адзначыў перадавікоў жывёлагадоўчай галіны КСУП «Гудагай» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Дайшла чарга і да міхалішкаўскіх вытворцаў малака і мяса.
Вытворчасцю малака ў КСУП «Міхалішкі» займаюцца на малочна-таварным комплексе «Маркуны» і пяці малочна-таварных фермах.
Даярка Валянціна Кавалеўская на ферме «Супраненты» працуе больш чым 15 гадоў. Спрытная і хуткая, жанчына ўвішна ўпраўляецца з 52 каровамі. Акрамя гэтага, даглядае шасцёра нованароджаных цялят.
– Вы яшчэ і фатаграфаваць будзеце? – убачыўшы фотаапарат, жанчына збянтэжылася. – Ну тады здыміце мяне з маёй любіміцай – каровай Чувіхай. Чаму так назвала? Яна яшчэ цялушкай свой нораў паказвала: ганаровая, упёртая. Жывёліна – а характар мае!

Даярка Валянціна Кавалеўская
Пасля ўшавання Валянціны Кавалеўскай старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула пагутарыў з калектывам. Людзі прасілі своечасова замяняць дэталі малочнага абсталявання , палепшыць асвятленне ў кароўніку і выправіць іншыя недахопы ў рабоце. Юрый Аляксандравіч паабяцаў дапамагчы разабрацца з праблемамі.
***
На малочна-таварным комплеке «Маркуны» ўтрымліваецца 1 606 галоў, з якіх 707 – дойны статак. Пра жывёлу тут клапоціцца 21 чалавек. Малако на перапрацоўчыя прадпрыемствы здаюць толькі вышэйшым гатункам.
Па словах загадчыцы комплексу Святланы Кісель, раней адпраўлялі на завод і «экстру».
Аператары машыннага даення Ганна Янушэўская і Марына Чайкоўская на комплексе працуюць толькі год: сюды жанчын перавялі пасля закрыцця малочна-таварнай фермы «Ласі».

Маркунскі «дуэт» у складзе Марыны Чайкоўскай і Ганны Янушэўскай
– Умовы для працы тут лепшыя, чым на ферме, – гаворыць Ганна Раманаўна. – Ёсць памяшканне для прыёму ежы, душавыя, а адзенне пасля змены можна памыць у пральнай машыне. Але крыху сумую па нашай ферме ў Ласях: там у кожнай даяркі была свая група, а тут дойны статак агульны.
Калегі паабяцал і перадаць падзяку і падарунак і даярцы Леакадзіі Боўша, у якой у дзень наш ага візіту быў выхадны.
***
Сярод работнікаў малочна-таварнай фермы «Міхалішкі» прафсаюзныя падарункі атрымалі даярка Вальга Валэйка і жывёлавод Уладзімір Бародка.

Падарунак ад старшыні прафсаюза аграрыяў Юрыя Адулы прымае Вольга Валэйка
– Я мясцовы. На ферме працую каля васямнаццаці гадоў, – расказвае мужчына. – Прыемна, што маю работу заўважылі: два гады назад я таксама быў у перадавіках.
***
Па меркаванні прафсаюзных лідараў, на малочна-таварнай ферме «Страча» найлепш працуе Людміла Міховіч, а ў «Страчанцы» – Таццяна Шапель.
Напрыканцы мінулага тыдня наш карэспандэнт паспрабаваў высветліць, чаму працаўнікі лясной гаспадаркі Астравеччыны летам мяняюць прафесію: з лесанарыхтоўчых машын перасаджваюцца ў камбайны і некалькі тыдняў разам з аграрыямі жывуць у рэжыме «жніво».

Страчанскія нівы
– Васьмёра нашых работнікаў працуюць у КСУП «Міхалішкі», «Гервяты» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», – па дарозе ў КСУП «Гервяты» расказаў намеснік дырэктара ДЛГУ «Астравецкі лясгас» па ідэалагічнай рабоце Пётр Крупеньчык. – Дапамагаць аграрыям убіраць уражай ужо стала традыцыяй!
Вадзіцель дрэваапрацоўчага цэха Юрый Яромін трэці год запар падчас жніва возіць збожжа з поля да зернесушылак.
– За дзень раблю каля сямі рэйсаў, але гэта залежыць ад таго, як далёка ад зернесушылкі працуюць камбайны. У кузаў аўтамабіля змяшчаецца каля 12 тон, – расказвае Юрый. – Што самае складанае? Напэўна, тое, што даводзіцца працаваць з раніцы да позняга вечара. Але праз некалькі дзён прывык да такога рытму. Хто, калі не мы, дапаможам вяскоўцам?

Юрый Яромін возіць збожжа ў КСУП «Гервяты»
Вадзіцель хуценька заскочыў у кабіну МАЗа і паімчаў да камбайна, праз імгненне ў кузаў аўтамабіля паструменілася збожжа новага ўраджаю.
У КСУП «Міхалішкі» ўбіраць новы ўраджай дапамагаюць чатыры работнікі з Міхалішкаўскага, Спондаўскага, Падольскага лясніцтваў і лесапункта.
На трактары з прычапным жалезным лістом Аляксандр Шульга з поля да скірты буксіруе салому. За дзень механізатар перавозіць каля 150 «шпулек».
– Усё вяртаецца на кругі свае, – з усмешкай гаворыць мужчына. – Толькі тры месяцы таму перайшоў з саўгаса ў Падольскае лясніцтва, і, як бачыце, зноў у полі. Прэсаваць і цягаць салому – гэта мая работа.

Трактарыст Аляксандр Шульга дапамагае хлебаробам КСУП «Міхалішкі»
Больш за дзесяць гадоў абмалочваць збожжа міхалішкаўцам дапамагае машыніст трылёвачнай лесанарыхтоўчай машыны Аляксей Жусін, на камбайне якога красуецца надпіс «Ляснік». Сёлета на жніве Аляксею дапамагае лесаруб Спондаўскага лясніцтва Юрый Дрозд.
– З шостага класа на ўборцы, – расказвае Аляксей Жусін. – Светлай памяці тата штогод працаваў на камбайне і браў мяне з сабой, бо ведаў, калі не возьме, усё адно ўпотайкі на поле прыбягу. Гісторыя паўтараецца! (Усміхаецца). На днях падчас абедзеннага перапынку сына ўзяў з сабой. Хлопцы пытаюцца ў майго Дзімкі, кім будзе, а ён як закрычыць ва ўвесь голас: «Камбайністам, як татачка!»

Камбайнер Аляксей Жусін і яго памочнік Юрый Дрозд
Суткамі навылет працаваць у полі, калі дазваляе надвор’е, для Аляксея – справа прывычная. Мужчына прызнаецца, што дзякуючы надзейнаму тылу – жонцы Святлане і дзеткам Паліне, Карыне і Дзіму, – можна і горы звярнуць.
Яшчэ адзін машыніст лесанарыхтоўчай трылёвачнай машыны Аляксандр Субаткевіч таксама працуе камбайнерам у КСУП «Міхалішкі».
– Адзінаццаты год убіраю збожжа на гэтым камбайне, – расказвае мужчына. – На страчанскіх землях цяжка яго малаціць: участкі маленькія, горыстыя, дробнаконтурныя – не развярнуцца. Але нічога – рады даём.

Камбайнер Аляксандр Субаткевіч з памочнікам Мікітам Ярмаком
Завуць з калгаса дапамагчы. Ну як тут адмовіш? Ды і капейчыну можна падзарабіць.
Гэтага меркавання прытрымліваецца і Генадзь Мілаш, які таксама працуе на лесанарыхтоўчай машыне.
– Найбольш намалаціў у 2015 годзе. Калі не памыляюся, 1 800 тон, – расказвае камбайнер. – Але не гэта галоўнае. Бачыце, як ячмень галовы схіліў? Кроў з носу, а ўбраць яго як мага хутчэй трэба.

Для Генадзя Мілаша сёлетняе жніво – дзясятае

Памочнік камбайнера Тадэвуш Грэйць
Кажуць, былых камбайнераў не бывае… Пра гэта добра сведчыць прыклад машыніста лесанарыхтоўчай трылёвачнай машыны Віталя Тумінскага, які на камбайне КЗС-1218 убірае збожжа ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Прозвішча мужчыны добра вядомае на Астравеччыне: варнянскі механізатар не раз перамагаў у працоўных спаборніцтвах, а ў 2011 годзе сярод маладзёжных камбайнерскіх экіпажаў заняў трэцяе месца ў Гродзенскай вобласці.
– Быў і на абласных, і на рэспубліканскіх «Дажынках». На жніве працую 19-ты сезон, – расказвае Віталь. – Па ўсім бачна, што ад сябе не ўцячэш. Хоць ужо і не працую ў сельскай гаспадарцы, а да зямлі ўсё адно цягне. Відаць, вясковая натура такая.

Віталь Тумінскі, камбайнер
Яшчэ аднаго камбайнера на саўгасных нівах мы не заспелі – ён рамантаваў камбайн у майстэрнях.
…Працаўнікі лясной гаспадаркі – людзі прыроды, людзі ад зямлі, якая кожны год вабіць іх да сябе водарам саспелай збажыны.
Количество просмотров:
|
 |