У астраўчан наш карэспандэнт пацікавіўся, што яны набывалі на традыцыйным восеньскім кірмашы, які прайшоў у мінулую суботу ў Астраўцы.
Марыя Станкевіч, галоўны бухгалтар райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, з дачкой Надзеяй Марыя:
– На кірмаш прыехала за бульбай – буду браць гудагайскую, яна смачная, разварыстая. З яе звычайна раблю цэпеліны па маміным рэцэпце – за вячэрай разыходзяцца на «ўра». Таксама хачу набыць саджанец грэцкага арэха: канешне, яго можна самастойна вырасціць, але першых пладоў давядзецца чакаць не адзін год.
Надзея:
– Другі год разам з бацькамі прыязджаю на кірмаш. Мне падабаецца атмасфера: гучаць песні, шмат людзей.
Дзіяна Бараноўская, будаўнік, з сынам Аляксеем:
– На кірмаш звычайна прыходзім за капустай: бяром цэлую сетку, тым больш што тут яна таннейшая, чым у магазінах. Квашаную капусту любяць усе дамачадцы. Таксама будзем купляць памідоры.
Рыгор Пілецкі, слесар-сантэхнік:
– Цэны, прызнацца, на некаторыя тавары кусаюцца. Думаў, мяса будзе таннейшым. Выбар у параўнанні з леташнім кірмашом сёлета меншы. Купіў гервяцкую ялавічыну і саджанцы ажыны – смачная і карысная для здароўя ягада.
Людміла Замара, слесар малакапровада:
– На кірмаш прыязджаю не толькі за пакупкамі, але і за добрым настроем. Сёлета набыла парачку саджанцаў вішні – рэкамендуюць садзіць менавіта два дрэўцы разам, каб яны лепш апыляліся. Таксама купіла памідоры і сыграла ў латарэю.
Данута Чарнушэвіч, пенсіянерка:
– Раней кірмашы праходзілі ў лесапарку з небывалым размахам: праводзілася шмат конкурсаў – за перамогу можна было нават атрымаць жывое парася. З улікам таго, што Астравец «прырос» новымі мікрараёнамі, гандлёвыя рады пераехалі ў іншае месца. На кірмаш хаджу штогод, купляю грэцкія арэхі.
Антон Браніцкі, рабочы (без фота):
– У сацыяльных сетках бачыў афішы пра кірмаш, які сёлета чамусьці назвалі «Бульба-фэстам», а пра тое, каб яе хапіла ўсім жадаючым не паклапаціліся. Давялося стаяць амаль гадзіну ў чарзе – добра, што КСУП «Гудагай» падвёз другі хлеб.