Набыць навагодняе дрэва можна будзе да 5 студзеня ўключна, акрамя выхадных – 25 снежня і 1 студзеня. Астравецкі доследны лясгас у гэты перыяд плануе прадаць каля 1 500 елак і сосен.
У Астраўцы жывыя дрэвы будуць прадаваць на аўтамабільных стаянках на вуліцы Ленінскай ля рынка і ля раённай паліклінікі. Вяскоўцы змогуць набыць елку ці сасну па месцы жыхарства ў лясніцтве.
Дрэва вышынёй да метра будзе каштаваць 10 рублёў, да двух метраў – 11 рублёў. Елка блакітная будзе крыху даражэйшая: 15 (да 1 м) і 16 (да 2 м) рублёў адпаведна. Набыць жывую елачку ў кадцы можна за 10 рублёў у лесагадавальніку.
Напярэдадні навагодніх святаў дзяржаўная лясная ахова сумесна з права- і прыродаахоўнымі органамі будзе выяўляць аматараў дармовых елак.
– Высякаць дрэвы ў лесе забараняецца, – расказаў інжынер па ахове і абароне лесу Юрый Касцюкевіч. – Выяўляць парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства будзем і з дапамогай камер фота- і відэафіксацыі.
За самавольна ссечанае дрэва давядзецца заплаціць штраф у памеры да 50 базавых велічынь, кампенсаваць нанесеную навакольнаму асяроддзю шкоду і кошт дрэва.