Лагеря Гродненщины ждут ваших детей!
Островецкий районный исполнительный комитет
Астравецкая праўда
КСУП "Михалишки" В ОДНОКЛАССНИКАХ
Национальный правовой Интернет портал РБ
Журнал "Белорусское сельское хозяйство"
Социальные гарантии семье детей инвалидов
:: ::

Уборочная компания 2020

Уборочная компания 2020
14 августа 2020 г.

Жніво правярае на вытрымку не толькі камбайнераў, вадзіцеляў і аператараў зернесушыльных комплексаў, але і спецыялістаў раслінаводчай галіны.

1.jpg

Пракаменціраваць ход уборачнай кампаніі, акрэсліць яе здабыткі і пытанні мы папрасілі загадчыка сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіла Шлыковіча.

– Хоць кажуць, што куранят па восені лічаць, тым не менш, экватар уборкі мы ўжо прайшлі – можна рабіць пэўныя высновы. Калі параўноваць сёлетняе жніво з леташнім, калі спёка нават не дала коласу наліцца, то…

– Дзякаваць богу, будзем з хлебам: у параўнанні з мінулым годам сёлета збожжа дае на круг на 12 цэнтнераў больш. Хоць трэба канстатаваць, што па тэмпах уборкі мы ідзём з адставаннем ад 2019-га працэнтаў на 20. Пры аптымальных умовах за дзень у раёне ў сярэднім абмалочваецца каля 800 гектараў, ці 5% плошчаў.

Зазіраць наперад не хочацца. Рабіць прагнозы, асабліва ў раслінаводстве, няўдзячная спра­ва – да канца жніва можа многае змяніцца. Думаю, нама­лоцім пад 66 тысяч тон збожжа ў бункернай вазе. Да параўнання: летась было 43 тысячы тон.

Да пачатку ўборкі мелі пэўныя праблемы з рамонтам тэхнікі, але пытанні вырашыліся – і камбайны своечасова выйшлі ў поле. Крыху напружаная сітуацыя з палівам назіраецца ў КСУП «Варняны» і «Міхалішкі»: дызель патрэбен для камбайнаў, для занятых на адвозцы збожжа аўтамабіляў і для некаторых збожжасушылак.

Збожжавы клін сёлета складае 17 134 гектары, з якіх амаль 9,5 тысячы – азімыя: 1 083 гектары жыта, 3 120 пшаніцы і 5 171 трыцікале. Пазней будзем убіраць грэчку – 210 гектараў, і кукурузу на зерне – 617.

– Якая са збожжавых культур сёлета найбольш урадзіла? І як з году ў год мяняецца пераразмеркаванне плошчаў – у залежнасці ад ураджайнасці ці эканамічнай мэтазгоднасці?

– Па ўраджайнасці збожжа, яно цяпер сыплецца за 40 цэнтнераў з гектара, мы займаем 11 пазіцыю з 17-ці ў вобласці. Лічыцца, што азімыя больш ураджайныя, хоць сёлета нядрэнна ўрадзілі і яравыя.

У гэтым годзе найлепш сыплецца азімае жыта – пад 52 цэнтнера з гектара. Яравы ячмень на круг дае крыху больш за 39 цэнтнераў, азімая і яравая пшаніцы – 42,4 і 30, азімы трыцікале – пад 38, авёс і зернебабовыя – каля 35.

Многае залежыць ад тэхналогіі вырошчвання: не толькі пасеяць у аптымальны час, але потым падкарміць пасевы і дагледзіць іх – гэта асноў­нае правіла ў раслі­наводстве. У гэтым накірунку хачу адзначыць КСУП «Гудагай», дзе сярэдняя ўраджайнасць збож­жавых складае 50,6 цэнтнера з гектара пры сярэднераённых 40,3.

– Вялікія намалоты – грунтоўная нагрузка на зернесушыльныя комплексы. Ці па сілах наяўным сушылкам высокая ўраджайнасць?

– Напачатку масавай уборкі былі некаторыя праблемы ў зернесушыльнай гаспадарцы КСУП «Варняны». Пасля рамонту зернесушылкі стала хапаць аб’ёмаў для дапрацоўкі збожжа.

Лічу, што магутнасцей ком­п­лексаў хапае. Памятаю гады, калі валавы збор збожжа на Астравеччыне быў пад 90 тысяч тон – і нічога, спраўляліся. Тым больш што з кожным днём зерне скідвае вільготнасць на 2-3%. Пры спякотным надвор’і яго, лічы, не трэба дасушваць: дастаткова раз прагнаць, каб адбіць раслінны друз. Пасля дажджу, напрыклад, вільготнасць збожжа складае 21%, а калі суха і сонечна – каля 16%.

– Як выконваецца дзяржзаказ? Ці хопіць фуражу на патрэбы жывёлагадоўлі?

– Дзяржзаказ па раёне складае 6 810 тон: 3 800 пшаніцы, 850 жыта, 200 ячменю, 660 аўсу, 200 грэчкі і 1 100 піваваранага ячменю – яго мы выканалі на 66%. Па папярэдніх разліках фуражу павінна хапіць.

– Кажуць, камбайн з поля – плуг у баразну. З гэтым у нас як?

– Ва ўсіх гаспадарках раёна заворваюць глебу пад сяўбу рапсу. Праўда, аб’ёмы работ у разрэзе гаспадарак выглядаюць па-рознаму – ад 20 да 73% ад плана. Добрыя тэмпы дэманструюць КСУП «Гудагай», «Гервяты» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Пад крыжакветкавы сёлета адвядзём 2 900 гектараў. Таксама плануем пасеяць 795 гектараў свірэпіцы на зялёны корм.

– Міхаіл Мечыслававіч, чым для вас асаблівае сёлетняе жніво?

– Для мяне гэтая ўборачная кампанія юбілейная – 30-я. Радуе, што сёлета павінны сабраць нядрэнны ўраджай. Галоўнае – убраць яго своечасова і без страт і падрыхтаваць глебу пад будучы ўраджай.

– Дзякуй за гутарку!


Количество просмотров: Счетчик посещений Counter.CO.KZ - бесплатный счетчик на любой вкус!


Вернуться в раздел Уборочная компания 2020